МО́ЛАДАЎСКІ ЗВОН,

помнік ліцця мастацкага, эпіграфікі, палеаграфіі Беларусі. Адліты ў 1583 з медзі Марцінам Гофманам у Коўне (зараз г. Каўнас, Літва) для царквы в. Моладава (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.; адсюль назва) паводле загаду ўладальніка маёнтка дзярж. і ваен. дзеяча 16 ст. Сімяона Войны ў памяць аб бацьках. Выш. 62 см, найб. дыяметр 70 см, таўшчыня ліцця 7 см. Дэкарыраваны рэльефным арнаментам рэнесансавага характару: выявы міфалагічных істот (крылатыя коні, ільвы, алені і інш.) у медальёнах, утвораных непарыўнай звілістай сцяблінай. У сярэдняй частцы звона змешчаны тэкст, згрупаваны ў 4 калонкі па 13 радкоў у кожнай: фундатарскі надпіс і панегірык Войну Маціевічу Грычыну і яго сям’і. Тэкст выразаны ад рукі на тагачаснай бел. мове лац. літарамі. Пад адной калонкай — выява герба роду Войнаў. Па ніжнім краі звона — надпіс з датай адліўкі і імем майстра. Вернуты ў Свята-Вазнясенскую царкву в. Моладава.

Літ.: Вецер Э.І., Хадыка Ю.В. Звон у Моладаве // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 1.

Э.С.Максімава, Ю.В.Хадыка.

т. 10, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)